Mobile menu
Belarusian English Russian

“З кутка жаданняў” у сённяшні дзень…

Четверг, 24 апреля 2014 Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Больш за сто гадоў прайшло з тых часоў, калі славутыя сыны зямлі беларускай – Янка Купала і Якуб Колас - пакінулі нам у спадчыну запавет любіць і шанаваць нашу родную мову. З усёй адказнасцю можам сказаць, што іх запавет мы выконваем з гонарам.

У лістападзе ў ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Рэчыцы” прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння нашых славутых песняроў прыгожага слова, слупоў беларускай літаратуры - Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча і Івана Дамінікавіча Луцэвіча. Настаўнікамі роднай мовы і літаратуры былі праведзены адкрытыя ўрокі і пазакласныя мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню гэтай значнай даты ў гісторыі нашай краіны.

У кантэксце мерапрыемстваў былі закрануты самыя разнастайныя бакі прыгажосці беларускага слова. Спачатку вучні далучыліся да чароўнага свята хрэсьбін, арганізаванага і праведзенага маладой настаўніцай Студзённікавай Кацярынай Юр’еўнай. Гледачы змаглі на свае вочы пабачыць, а галоўнае, зразумець загадкавую прыгажосць гэтага сямейнага свята, якое дае пуцёўку ў жыццё кожнаму з нас.

На працягу тыдня вучні змаглі праілюстраваць свае ўласныя адносіны да творчасці пісьменнікаў, прапанаваць уласнае сучаснае бачанне іх творчасці, аформіўшы насценыя газеты “Песняры роднай зямлі”.

Таксама ў вучняў была магчымасць прадэкламаваць са сцэны вершы слаўных паэтаў, паспаборнічаць за ўвагу слухачоў, прымаючы ўдзел у конкурсе выразнага чытання “Ад прадзедаў спакон вякоў…”. Вучні пранікліся душэўнымі словамі вопытнага педагога Осіпавай Галіны Іванаўны.

Кульмінацыяй правядзення тыдня стала свята “Заўседы з намі Колас і Купала”, арганізаванага настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Маньковай Аленай Міхайлаўнай. Прыемным сюрпрызам стала выступленне ўзорнага дзіцячага музычнага калектыва школы мастацтваў “Рэчанька”. Меладычныя гукі цымбалаў, прыгажосць нацыянальных касцюмаў, напеўнасць і самабытнасць народных песень – тое галоўнае, чым наша будучае пакаленне павінна ганарыцца, карыстацца і з гонарам перадаць сваім нашчадкам.

Увогуле, свята атрымалася: былі песні, танцы, запрошаныя вучні ўспаміналі жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў, чыталі вершы.

Вельмі прыемна назіраць, што нашы вучні не засталіся абыякавымі да ўслаўлення беларускага слова. Увесь тыдзень гучалі словы падзякі і віншавання ў гонар пісьменнікаў, бо і ў сённяшні дзень яны змаглі перанесці сваю любоў і павагу да нашага мілагучнага беларускага слова.

З вытокаў самабытных галасы

Зліваюцца ў адзін – народны голас:

Без Коласа ў Купалы менш красы,

А без Купалы пабяднее Колас. (М. Маляўка)

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Студзеннікава Кацярына Юр’еўна.

Прочитано 1844 раз Последнее изменение Вторник, 21 марта 2017